Лексікалогія – гэта навука аб словах і аб слоўнікавым складзе мовы.
Слова – найменшая сэнсавая адзінка мовы, асноўная функцыя слова ў мове – назыўная, або намінатыўная. Словы служаць для абазначэння прадметаў, іх якасцей, дзеяння, стану, прыметы дзеяння, колькасці. Гэта граматычныя значэнні слоў. Яны даюць падставу для вылучэння часцін мовы і іншых граматычных класаў.
Змест слова складае яго лексічнае значэнне. У лексічным значэнні праяўляецца нацыянальная своеасаблівасць мовы. Са змяненнем умоў самога жыцця змяняецца і лекічнае значэнне слоў.
Словы, якія маюць толькі адно значэнне, называюцца адназначнымі. Гэта пераважна словы, якія абазначаюць навуковыя і тэхнічныя паняцці, а таксама некаторыя назвы раслін, жывёл, птушак, прадметаў (кісларод, гідрасфера, алень, аловак і інш.). Большасць слоў беларускай мовы маюць не адно, а некалькі значэнняў, такія словы называюцца мнагазначнымі. Напрыклад, бялок – гэта празрыстая частка птушынага яйца, якая акружае жаўток; бялок - складанае арганічнае рэчыва; белая, празрыстая абалонка вока. Вылучаюцца тры віды мнагазначных слоў: метафара (перанос назвы з аднаго прадмета на іншы на аснове падабенства іх прыкмет – формы, колеру, функцыі і інш.) ідзе чалавек – ідзе зіма, яблык (плод) – вочны яблык; метанімія (перанос назвы з аднаго прадмета на іншы на аснове сумежнасці, часавых, прасторавых, асацыятыўных сувязей) аўдыторыя – памяшканне і слухачы, ліст – матэрыял для пісьма і дакумент; сінехдаха (замена назвы цэлага на частку цэлага або перанос з адзіночнага ліку на множны лік і наадварот) вольна ў небе птушцы (не адной, а ўсім птушкам).
Заданні
Выпішыце спачатку адназначныя словы, а пасля – мнагазначныя.
3. Прачытайце тэкст. Знайдзіце ў тэксце мнагазначныя словы, патлумачце іх значэнне.
Выкарыстанне ў якасці паліва для аўтамабіляў біяэтанолу пацягне за сабой рост аб'ёмаў выкіданага ў атмасферу вуглякіслага газу, а таксама прывядзе да павелічэння плошчаў высечаных лясоў. Раней лічылася, што біяпаліва нейтральна па адносінах да экалогіі, аднак навукоўцы палічылі ўсю шкоду, якая прычыняецца атмасферы падчас збору раслін, з якіх робіцца біяэтанол (цукровы трыснёг, кукуруза), іх перавозкі і перапрацоўкі, і высветлілі, што выкарыстанне біяэтанолу ў выніку можа прывесці да павелічэння выкідаў вуглякіслага газу. З ростам патрэбы краін у біяпаліве вырасце і плошча палёў, якія выкарыстоўваюцца для сяўбы кукурузы і трыснёгу, што прывядзе да высечкі лесу. Зменшаныя лясныя масівы ў сваю чаргу будуць перапрацоўваць у кісларод меншыя аб'ёмы вуглякіслага газу (часопіс “Экалогія Беларусі”)
Амонімы
Амонімы (грэч. homos –аднолькавы і onyma – імя) – словы, якія аднолькава гучаць і пішуцца, але маюць розныя значэнні. Выдзяляюць лексічныя, марфалагічныя, фанетычныя і графічныя амонімы. Поўныя лексічныя амонімы – словы, якія супадаюць у гучанні і напісанні ва ўсіх сваіх граматычных формах (сасновы бор(лес) і бор у табліцы Мендзялеева (хімічны элемент)). Марфалагічная амонімы (амаформы) – словы, у якіх супадаюць у вымаўленні і напісанні толькі асобныя формы (не маюць супадзенняў у пачатковай форме),гэта, як правіла, словы розных часцін мовы (калгасныя палі (назоўнік) і палі агарод (дзеяслоў).Фанетычныя амонімы (амафоны) – гэта словы, якія гучаць аднолькава, але пішуцца па-рознаму: (цікавы раман і сын Раман). Асобную групу складаюць графічныя амонімы (амографы), якія ўяўляюць сабой словы, што пішуцца аднолькава, але адрозніваюцца ў вымаўленні месцамі націску (му́ка – мука́, па́даць – пада́ць).
Заданні
1. Вызначце від амонімаў.
Прыгожы арол і горад Арол; вулканічная лава і драўляная лава; вечны мір і мястэчка Мір; сталы чалавек і паставіць сталы, горка мне і чыгуначная горка; везці грузы і весці дзяцей у тэатр; зайсці ў сталовую і сталовая лыжка; даць гасцінец і шырокі гасцінец; музычная арфа і арфа для ачысткі зерня.